Музей-сядзіба І. Я. Рэпіна «Здраўнёва»

Музей быў створаны 11 жніўня 1988 г. па загадзе міністра культуры БССР № 64 як філіял Віцебскага абласнога краязнаўчага музея. Знаходзіцца у 16 км на поўнач ад Віцебска на месцы былой сядзібы мастака Іллі Яфімавіча Рэпіна (1844—1930). У 1892—1902 гг. Рэпін стварыў тут карціны «Восеньскі букет», «Паляўнічы», «Беларус», «На Заходняй Дзвіне. Усход сонца», «Месячная ноч», «Паненкі на прагулцы сярод статку кароў», «На сонцы» і інш. Комплекс музея-сядзібы ўключае ў сябе галоўны сядзібны дом, у якім працуе мемарыяльная экспазіцыя, дом кіруючага (тут размясціліся адміністрацыя музея і выставачная зала), склеп, сажалка, частка ліпавай алеі. Плошча экспазіцыі музея складае 242 м2.

Мемарыяльная экспазіцыя складаецца з 6 зал. У першай распавядаецца пра творчы і жыццёвы шлях I. Я. Рэпіна да набыцця Здраўнёва, пра гісторыю пакупкі і перабудовы сядзібы. У дзвюх наступных раскрыта тэма знаходжання мастака і яго блізкіх на Віцебшчыне з 1892 па 1904 г.: знаёмства з прадстаўнікамі мясцовай інтэлігенцыі духавенства, сялянамі, госці сядзібы і адлюстраванне гэтага ў працах I. Я. Рэпіна. У чацвёртай зале адноўлены інтэр'ер гасцінай і прадстаўлены матэрыялы пра сям'ю мастака. Экспазіцыя пятай залі знаходзіцца ў майстэрні мастака і распавядае пра творчыхя пошукі і працы Рэпіна здраўнёўскага перыяду. Экспазіцыя шостай залі прысвечана знаходжанню ў Здраўнёва сям'і малодшай дачкі мастака Таццяны Іллінічны Рэпінай-Язевай (з 1918 па 1930 г.) і гісторыі сядзібы ў апошні перыяд.

У экспазіцыі прадстаўлены копіі фатаграфій, дакументаў, прац I. Я. Рэпіна, кнігі, прадметы хатняга ўжытку XIX—XX стст., прадметы, знойдзеныя падчас раскопак на тэрыторыі сядзібы. Музей праводзіць актыўную выставачную дзейнасць ў супрацоўніцтве з музеямі і арганізацыямі Беларусі, Расіі, арганізуе этнаграфічныя святы, музычныя вечары.